СЕ́РЫ АКСІ́ДЫ,
хімічныя злучэнні серы з кіслародам. Найб. пашыраныя аксіды серы (IV), ці серы дыаксід SO2, і аксід серы (VI), ці серы трыаксід SO3.
Серы дыаксід (сярністы ангідрыд, сярністы газ) — бясколерны газ з рэзкім пахам, шчыльн. 2,926 кг/м³, tпл -75,46 °C, tкіп -10,6 °C. Добра раствараецца ў вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры. Водны раствор SO2 — сярністая кіслата H2SO3: моцная двухасноўная к-та, якая існуе толькі ў растворы, утварае солі — сульфіты і гідрасульфіты. Уваходзіць у склад вулканічных газаў. У прам-сці атрымліваюць абпальваннем пірыту. Выкарыстоўваюць пераважна ў вытв-сці сернай к-ты, а таксама як аднаўляльнік, антыаксідант, для адбельвання шэрсці, шоўку і інш., кансервавання агародніны, садавіны; вадкі — як холадагент. Серы трыаксід (серны ангідрыд) — бясколерная вадкасць (пры пакаёвай т-ры), tкіп 44,7 °C; пры т-ры ніжэй за 16,8 °C — празрыстыя крышталі (α=SO3). У прысутнасці вельмі нязначнай колькасці вільгаці (1 моль вады на 106 моль SO3) полімерызуецца і цвярдзее; цвёрды існуе ў β-, γ- і δ-мадыфікацыях (tпл 32,5, 62,2 і 95 °C адпаведна). Бурна (з вылучэннем вял. колькасці цяпла) узаемадзейнічае з вадой, утварае серную кіслату. У вільготным паветры «дыміць». Раствараецца ў канцэнтраванай сернай кіслаце (раствор наз. алеумам). Моцны акісляльнік. Атрымліваюць каталітычным акісленнем SO2. Выкарыстоўваюць для вытв-сці сернай к-ты, олеума, сінтэзу шматлікіх арган. рэчываў, для гідратацыі пры вытв-сці азотнай к-ты. С.а. атрутныя; пашкоджваюць слізістыя абалонкі органаў дыхання, серны ангідрыд выклікае цяжкія апёкі скуры. SO2 — адзін з асн. ядаў, што атручваюць навакольнае асяроддзе, ГДК у атм. паветры 0,5 мг/м³.
А.Л.Чарнякова.
т. 14, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)